У́БЕЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА Існавала ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. ў б. фальварку Манюшкаў Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Вядома па гравюры Н.​Орды 1872. Уключала сядзібны дом, капліцу-пахавальню, гасп. пабудовы, парк. Цэнтр кампазіцыі — драўляны сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, завершаны высокім паўвальмавым дахам. Спалучаў традыцыі нар. дойлідства і элементы класіцызму. Цэнтр мансардавага гал. ўвахода быў вылучаны 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Сцены звонку вертыкальна ашаляваны, аконныя праёмы прамавугольныя. Перад домам быў невял. партэр з круглым у плане кветнікам, за ім — пейзажны парк з капліцай-пахавальняй — цэнтрычным 2-ярусным збудаваннем пад шатровым дахам, гасп. пабудовы. Захаваліся фрагменты парку над р. Волма. У 1819 ва У.с. нарадзіўся кампазітар С.​Манюшка. У 1966 у парку пастаўлены абеліск, прысвечаны Манюшку (на ім нотны запіс з яго оперы «Галька»).

Ю.​А.​Якімовіч.

Убельская сядзіба.

т. 16, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)